
#TraveltoDobrush
Жгуна-Буда (Жгунская Буда) — вёска ў складзе Добрушскага раёна за 10 км на поўдзень ад раённага цэнтра і за 18 км ад Гомеля.
Па пісьмовых крыніцах, вёска вядома з XVIII стагоддзя як слабада ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. З 1775 г. вёска знаходзілася ў валоданні фельдмаршала графа П.А. Румянцава-Задунайскага. У 1798 годзе ў Добрушскай эканоміі Гомельскага маёнтка. З 1834 года Жгунская Буда - валоданне фельдмаршала графа І.Ф. Паскевіча. У 1834 годзе частку насельніцтва складаюць стараверы. Была капліца.
У 1886 годзе працавала хлебазапасная крама. У 1897 годзе знаходзіліся хлебазапасны магазін, 2 лаўкі, карчма.
Даведнік «Воласці і найважнейшыя паселішчы Еўрапейскай Расіі. Губерні Літоўскай і Беларускай абласцей (Санкт-Пецярбург, 1886 год) у дачыненні да Жгунскай Буды мае наступныя весткі: 258 двароў, 1266 жыхароў, стараабрадніцкая капліца, вятрак.
Падчас грамадзянскай вайны многія жыхары вёскі прымалі актыўны ўдзел у баях супраць "кайзераўцаў".
У 1929 годзе арганізаваны калгас "Чырвоная зорка". Працавалі вятрак і конная крупадрабілка, гамарня.
У час Вялікай Айчыннай вайны у кастрычніку 1943 года акупанты часткова спалілі вёску. У баях за вёску загінулі 55 савецкіх салдат, якія былі пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. На франтах і партызанскай барацьбе загінулі 134 жыхары населенага пункта. Жгуна-Буда была вызвалена 10 кастрычніка 1943 года. У памяць аб загінуўшых у 1977 годзе ўстаноўлены 2 стэлы з іх імёнамі.
У 1959 годзе ў складзе племяннога завода "Жгунскі" з цэнтрам у вёсцы Жгунь. Размешчаны фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, 3 магазіны.
Жгуно - Буда - радзіма Уладзіміра Іванавіча Пракапцова - генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Паміж Добрушам і Жгунскай Будай курсуюць штотыдзень аўтобусы Добруш-Жгуна-Буда. Паміж Гомелем і Жгуна-Будай праходзяць наступныя аўтобусныя маршруты: Гомель - Жгуна-Буда, Гомель-Васільеўка, Гомель - Антонаўка, Гомель - Крупец.